СУБТРАПІ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,
клімат субтрапічных шырот, які характарызуецца перавагай трапічных паветраных мас летам і ўмераных зімой. Вылучаецца цёплай зімой, гарачым летам, звычайна сезонным размеркаваннем ападкаў. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца вышэй за 0 °C, колькасць ападкаў памяншаецца ад прыакіянскіх да ўнутрымацерыковых раёнаў ад 1500—2000 мм да 100 мм за год. Да С.к. належыць міжземнаморскі клімат, мусонны клімат, кліматы субтрапічных, у т. л. халодных, пустынь. Гл. таксама Субтрапічныя паясы.
т. 15, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)